Skip to main content

Шляхта і дваранства на беларускіх землях beta 13.240 прозвішчаў

Ці сустракаецца прозвішча ў спісах шляхты і дваран Беларусі - і дзе менавіта

Адно прозвішча на любой мове і ў любым напісанні: Луцэвіч, Луцевич і Łucewicz знойдуць адно і тое ж.

Супадзенне прозвішча - не доказ паходжання: адно прозвішча мелі розныя роды, і шляхецкія, і нешляхецкія. Тут паказана толькі тое, што прозвішча сустракаецца ў пералічаных крыніцах. Паказваюцца прозвішчы, якія пацверджаны давераной крыніцай або некалькімі незалежнымі.

Шляхецкія продкі - не рэдкасць

Шляхта - прывілеяваны стан Вялікага Княства Літоўскага, і яна была шматлікай: паводле розных ацэнак, ад 5 да 12 % насельніцтва беларускіх земляў. Большасць шляхты не мела ні маёнткаў, ні падданых - гэта засцянковая, чыншавая, служылая шляхта, якая сама апрацоўвала зямлю.

Пасля далучэння да Расійскай імперыі дваранамі засталіся толькі тыя, хто даказаў паходжанне. Астатніх у 1831-1868 гг. запісалі ў аднадворцы, грамадзяне, мяшчане і сяляне. Таму шляхецкія продкі могуць быць у вельмі многіх беларусаў - нават калі ў дакументах XIX ст. яны ўжо «сяляне».

Падрабязна: хто такія шляхта і дваране і што з імі стала →

Схема: як змянялася саслоўе шляхты ў Расійскай імперыі, 1772-1868
Як змянялася саслоўе былой шляхты, 1772-1868. © Жніво

Пытанні і адказы

Як даведацца, ці былі ў мяне продкі-шляхта?

Ідзіце ад сябе ў глыб: метрыкі, рэвізскія казкі, пасямейныя спісы. Прыкметы былой шляхты ў дакументах XIX ст. - саслоўе «аднадворац» або «грамадзянін», фармулёўка «дваранін, не зацверджаны Герольдыяй», жыхарства ў засценку ці ваколіцы, прозвішча з прыдомкам. Праверце прозвішча ў пошуку вышэй: убачыце, у якіх спісах шляхты яно сустракаецца.

Прозвішча знайшлося - значыць, мой род шляхецкі?

Не абавязкова. Адно прозвішча мелі розныя роды - і шляхецкія, і не. Пошук паказвае толькі, што прозвішча ёсць у спісах шляхты і дваран і ў якіх менавіта. Паходжанне пацвярджае толькі дакумент на вашага продка.

Прозвішча не знайшлося - значыць, продкі не шляхта?

Таксама не. Спісы няпоўныя: многія роды не даказалі дваранства і ў дваранскія кнігі не трапілі, частка крыніц яшчэ не прачытана, а прозвішчы ў дакументах пісалі па-рознаму. Паспрабуйце іншае напісанне і зірніце на «Падобныя па гучанні».

Што значыць «чакае пацверджання»?

Прозвішча ёсць толькі ў «Агульным спісе» Згуртавання беларускай шляхты, а нашы крыніцы яго пакуль не пацвярджаюць. Без гэтай пазнакі паказваюцца прозвішчы, якія пацвярджае давераная крыніца або некалькі незалежных.

Хто такія аднадворцы і грамадзяне?

Так з 1831 г. называлі былую шляхту заходніх губерняў, якая не зацвердзіла дваранства ў Герольдыі Сената: на вёсцы - аднадворцы, у гарадах - грамадзяне. У 1868 г. гэтыя саслоўі скасавалі і запісалі іх у сяляне або мяшчане. Таму аднадворац у радаводзе - амаль напэўна з былой шляхты. Падрабязней пра разбор шляхты.

Чым шляхта адрознівалася ад дваран?

Шляхта - стан Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай; шляхецтва перадавалася па крыві і не залежала ад маёмасці. Дваранства - стан Расійскай імперыі: былая шляхта мусіла даказаць паходжанне перад дваранскім дэпутацкім сходам і Герольдыяй. Даказалі далёка не ўсе. Падрабязна пра шляхту і дваранства.

Ці можна сёння пацвердзіць шляхецтва?

Дзяржаўнай працэдуры няма: саслоўі скасаваныя ў 1917 г. Грамадскія аб'яднанні вядуць свае спісы родаў, але іх рашэнні не маюць юрыдычнай сілы. Галоўнае для сябе - архіўныя дакументы на продка: справы дваранскіх сходаў, метрыкі, рэвізіі.

Дзе шукаць дакументы?

Метрыкі, рэвізскія казкі шляхты 1795, 1811, 1816 гг., пасямейныя спісы, справы дваранскіх дэпутацкіх сходаў: НГАБ ф. 319 (Мінскі), ф. 2512 (Віцебскі), ф. 2066 (Магілёўскі), ЛДГА ф. 391 (Віленскі). Агульныя парады - у дапаможніку «Пошук продкаў».

Што такое прыдомак і герб?

Прыдомак - другое прозвішча роду, часцей ад назвы родавага маёнтка (Дробыш-Драбышэўскі, Колб-Сялецкі). Адзін герб мелі дзесяткі і сотні родаў, таму агульны герб - не доказ сваяцтва.

Як дадаць свой род або выправіць памылку?

Напішыце ў групу праекта ў Telegram - t.me/zhnivo: прозвішча, што не так і на якую крыніцу (архіў, фонд, справа або кніга) можна спаслацца.

Білецкі Аляксей Сяргеевіч, УНП НВ0965943, Адрас рэгістрацыі: 230025, г. Гродна, пр. Касманаўтаў, д.6а, кв. 27. [email protected]
Адміністратар @aliakseibiletski