Хто такая шляхта
Шляхта - прывілеяванае саслоўе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Слова прыйшло праз польскую мову з нямецкай (Geschlecht - «род»): шляхцічам чалавек быў па нараджэнні, бо паходзіў са шляхецкага роду. Шляхта вырасла з баяр - воінаў, якія за зямлю неслі вайсковую службу. Гарадзельскі прывілей 1413 г. даў частцы баярскіх родаў польскія гербы, а Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гг. замацавалі правы саслоўя.
Шляхціч мог валодаць зямлёй, удзельнічаць у павятовых сойміках і выбіраць дэпутатаў сойма, а ў Рэчы Паспалітай з 1573 г. - і караля; яго нельга было пакараць без суда. Галоўным абавязкам была вайсковая служба: у час вайны шляхта збіралася на паспалітае рушэнне. Шляхецтва перадавалася па бацьку і не залежала ад багацця: ад магната з сотнямі вёсак да засцянковага шляхціча, які сам араў сваю зямлю, усе лічыліся роўнымі - «шляхціч на загродзе роўны ваяводзе». Адзін герб звычайна мелі дзесяткі родаў.
Колькі было шляхты і што з ёй стала
Шляхта ў Вялікім Княстве Літоўскім была шматлікай: для ўсёй Рэчы Паспалітай XVIII ст. гісторыкі ацэньваюць яе ў 6-10 % насельніцтва1, а для беларускіх земляў сустракаюцца ацэнкі ў 10-12 % і нават «амаль 15 %» - апошняя лічба з публіцыстыкі, без разліку2. Паводле рэвізіі 1795-1796 гг. выходзіць каля 5 %: тады перапісвалі толькі мужчын, і перадусім шляхту з зямлёй - бязмаёмасных шляхцічаў улічылі далёка не ўсіх3. Большасць шляхты - паводле розных ацэнак ад 70 да 90 % - не мела падданых4. Расійская імперыя за паўстагоддзя «разабрала» гэты стан: дваранамі засталіся тыя, хто даказаў паходжанне, астатніх запісалі ў аднадворцы, грамадзяне, мяшчане і сяляне. Таму шляхецкае прозвішча ў XIX ст. можна сустрэць у любым саслоўі.
Паводле схемы ў арт.: Вяроўкін-Шэлюта У. Разбор шляхты // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, кн. 1. Мн., 2001. С. 83-85; дапоўнена (татары, вольныя людзі 1857 г., прыпіска 1864-1866 гг.).
Групы шляхты на схеме
Татары-шляхта (ліпкі)
Татары ВКЛ мелі правы шляхты. Расія пацвердзіла іх «свабоды» ўказамі 1795, 1796 і 1801 гг., у 1797 г. быў створаны Літоўска-татарскі полк39. Дваранства яны даказвалі на агульных падставах: перад Віленскім дваранскім сходам у 1817-1838 гг. яго пацвердзілі 108 татарскіх родаў8. Хто не меў дакументаў, часта пераязджаў у гарады на чыншавыя землі або эміграваў у Турцыю; пасля 1863 г. рашэннем Камітэта міністраў 4.07.1867 татарам пакінулі права набываць маёнткі39. Асобнага саслоўя для іх не стваралі - на схеме татары ідуць агульнай плынню шляхты.
Дзедзічная шляхта
Уладальнікі родавых маёнткаў з падданымі - ад магнатаў (Радзівілы, Сапегі, Агінскія) да сярэдняй шляхты. У ВКЛ шляхецтва перадавалася па крыві і не залежала ад маёмасці; у Расіі ж дваранства звязвалі са службай і валоданнем сялянамі29. Такіх была меншасць: у Віленскай губ. у 1854 г. з 51 697 шляхцічаў права голасу ў дваранскім самакіраванні (па маёмасным цэнзе) мелі 68531. Пасля 1772/1795 гг. падавалі вывады і ўносіліся ў радаводныя кнігі - станавіліся дваранамі.
Засцянковая, чыншавая, служылая шляхта
Засцянковая (ваколічная) - дробныя ўладальнікі без падданых: самі аралі сваю зямлю ў засценках (зямля «за сценкамі» паміж валокамі пасля валочнай памеры 1557 г.) і ваколіцах - асобных шляхецкіх паселішчах2829. У Пінскім павеце налічвалі каля 120 засценкаў і ваколіц32. Чыншавая - сядзела на чужой зямлі па дамове і плаціла ўладальніку чынш; бестэрміновы ўчастак перадаваўся ў спадчыну. Гэта была самая шматлікая катэгорыя дробнай шляхты2938. Служылая - шляхцічы на службе ў чужых маёнтках, ад аканомаў да пакаёвых і конюхаў29; у выводах 1774 г. суседзі-шляхта сведчылі, што такія служыцелі «ніякіх павіннасцей, роўных падданству» не неслі33. З 1795 г. рэвізіі вылучалі чыншавую, ваколічную і неаселую шляхту; далей - аднадворцы, грамадзяне, мяшчане, сяляне (гл. схему).
Зямяне
Слова мае два значэнні. У XV-XVI ст. - маламаёмаснае ваенна-служылае баярства: попіс 1528 г. яшчэ адрознівае почты баярскія і зямянскія, пазней пішуць «зямяне або баяры». Яны плацілі чынш, на вайну ішлі пад харугвай свайго пана, а не павета, у сойміках не ўдзельнічалі; да пачатку XVIII ст. зліліся са шляхтай або з чыншавымі сялянамі35. Але ў актах XVII-XVIII ст. «зямянін» часта азначае проста шляхціча-землеўласніка павета («зямянін Аршанскага павета»), таму глядзіце на кантэкст30. Пасля падзелаў зямян часта пісалі ў рэвізіях сялянамі; з 1834 г. асобна іх не ўлічвалі35.
Панцырныя баяры, ардынаты, выбранцы
Панцырныя баяры (галоўным чынам Полацкае і Віцебскае ваяводствы) за надзел неслі конную службу «ў панцыры», у мірны час - паштовую службу і даручэнні замка; гербаў не мелі, у сойміках не ўдзельнічалі. Пасля 1772 г. іх пісалі ў мяшчане і казённыя сяляне; у 1780 г. Сенат прызнаў іх «ні шляхтай, ні сялянамі», а ў 1788 і 1805 гг. - вольнымі людзьмі з асобным падаткам28. Не блытаць з шляхецкай конніцай: «таварыш панцырнай харугвы» - гэта шляхціч. Выбранцы - выбранецкая пяхота з сялян каралеўскіх і магнацкіх маёнткаў (у ВКЛ з 1595 г.); да XIX ст. захаваліся толькі на Случчыне Радзівілаў - шэсць вёсак, 112 выбранецкіх прозвішчаў, у 1834 г. прызнаны вольнымі хлебаробамі36. Ардынаты - тэрмін не мае адназначнага тлумачэння: найхутчэй гаворка пра служылую шляхту і баяр радзівілаўскіх ардынацый (у Нясвіжскай - каля 10 % насельніцтва ў канцы XVIII ст.)37. Сюды ж - служылыя татары і іншыя «служэбныя людзі»34.
Якая была шляхта
- Шляхта з маёнткамі - уладальнікі вёсак з падданымі; іх была меншасць. Нават у Віцебскай губ. 1840-х гг. амаль тры чвэрці дваран мелі зусім мала сялян5.
- Дробная шляхта - засцянковая, ваколічная, чыншавая, служылая. Жыла ў засценках і ваколіцах (у Мінскай губ. каля 1846 г. іх налічвалі 2 162), сама апрацоўвала зямлю, бяднейшыя служылі аканомамі і нават лёкаямі6.
- Зямяне, панцырныя баяры, ардынаты, выбранцы - ваенна-служылыя групы на мяжы шляхты і сялян. Панцырныя баяры Віцебшчыны «амаль усе трапілі ў падатковы стан»: у чатырох казённых маёнтках іх было 5 408 мужчын і 6 025 жанчын7.
- Татары - асобная група шляхты; 108 татарскіх родаў даказалі шляхецтва перад Віленскай камісіяй у 1817-1838 гг.8
Многія роды мелі прыдомак - другое прозвішча, часцей ад назвы родавага маёнтка (Дробыш-Драбышэўскі, Колб-Сялецкі)9.
Як даказвалі дваранства
- З 1773 г. шляхта ўсходняй Беларусі падавала ў суды вывады - радаводы з дакументамі: тэстаменты, дзельчыя і купчыя запісы, падатковыя квіты, метрыкі; за таго, хто паперы згубіў, сведчылі суседзі-шляхта10.
- Пасля 1795 г. справы разглядалі губернскія дваранскія дэпутацкія сходы і ўносілі род у адну з шасці частак радаводнай кнігі (старажытныя роды - у 6-ю)11.
- Рашэнне сходу мусіла зацвердзіць Герольдыя Сената; паміж імі праходзілі дзесяцігоддзі: Васілеўскіх Мінскі сход прызнаў у 1802 г., Герольдыя - у 1865 г.12
- Пры праверцы 1816 г. Сенат адхіліў 33 958 з 95 011 прашэнняў13; у 1840-я рэвізійныя камісіі ў Вільні і Кіеве прызналі памылкова ўнесенымі ў радаводныя кнігі больш за 157 тыс. асоб14. Здараліся і падробкі: «запіс» у актавую кнігу каштаваў каля 50 руб.15
Разбор шляхты, 1772-1868
- 1772-1780 - пасля далучэння ўсходняй Беларусі панцырных баяр і шляхту, якая не даказала «шляхетнасць», прыпісвалі да мяшчан і казённых сялян16.
- 1800-1816 - тэрмін на доказы (з 1801 г. два гады; ён датычыў 218 тыс. мужчын заходніх губерняў); рэвізію 1816 г. звяралі з 1795 г.17
- 19.10.1831 - указ пра разбор шляхты: дваране - толькі зацверджаныя Герольдыяй, астатнія - аднадворцы (на вёсцы) і грамадзяне (у гарадах) заходніх губерняў; слова «шляхта» знікла з афіцыйных актаў18. Толькі ў Гродзенскай губ. за 1832 г. у аднадворцы запісана каля 7 тыс. мужчын19.
- 1857 - указ 1.08.1857: незацверджаную шляхту на казённай зямлі - у дзяржаўныя сяляне, уладальнікаў зямлі - у сяляне на ўласнай зямлі, аселых у памешчыцкіх маёнтках - у «вольныя людзі» (у рэвізіі 1858 г. іх запісалі «вольнымі хлебаробамі»), гараджан - у гарадскія саслоўі40. Закон амаль не выконваўся: у 1863 г. 125 678 з 142 480 «дваран, якія даказвалі паходжанне», так нікуды і не былі прыпісаныя40.
- 1864-1866 - усіх, хто так і не даказаў дваранства, прыпісваюць у сяляне і мяшчане (указ 23.09.1864 - з 1 студзеня 1865 г.)2041.
- 1868 - закон 19.02.1868: аднадворцы і грамадзяне скасаваныя, стаўшы сялянамі або мяшчанамі2142.
Паўстанні і канфіскацыі
Пасля 1831 і 1863 гг. маёнткі ўдзельнікаў канфіскоўвалі, саміх высылалі. Сярод рэпрэсаваных паўстанцаў 1863 г. дваране і шляхта складалі 57 %, а ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях - 74-80 %22. Пасля 1863 г. у пяці губернях канфіскавана 256 маёнткаў23, а з 10.12.1865 «асобам польскага паходжання» забаранілі набываць памешчыцкія маёнткі24.
Цікавыя факты
шляхцічаў Віленскай губ. у 1854 г. мелі права голасу ў дваранскім самакіраванні - астатнім не хапала маёмасці31
чакаў род Васілеўскіх, каб дваранства зацвердзілі канчаткова: Мінскі дваранскі сход прызнаў іх дваранамі ў 1802 г., а Герольдыя Сената пацвердзіла гэта толькі ў 1865 г.12
прашэнняў пра дваранства Сенат адхіліў пры праверцы 1816 г.13
асоб рэвізійныя камісіі 1840-х прызналі памылкова ўнесенымі ў радаводныя кнігі14
каштаваў падроблены «запіс» у актавую кнігу, каб «даказаць» шляхецтва15
«дваран, якія даказвалі паходжанне», у 1863 г. так нікуды і не былі прыпісаныя, хоць указ 1857 г. гэтага патрабаваў40
татар-ліпкаў пацвердзілі шляхецтва перад Віленскім дваранскім сходам у 1817-1838 гг.8
- так у 1780 г. Сенат вызначыў становішча панцырных баяр28
выбранцаў у шасці вёсках Случчыны - апошнія выбранцы ВКЛ; у 1834 г. іх прызналі вольнымі хлебаробамі36
засценкаў і ваколіц налічвалі ў адным толькі Пінскім павеце32
мужчын заходніх губерняў мусілі з 1801 г. за два гады даказаць шляхецтва дакументамі17
рэпрэсаваных удзельнікаў паўстання 1863 г. у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях былі дваранамі і шляхтай22
Што гэта значыць для пошуку продкаў
- Калі продак у XIX ст. - аднадворац ці грамадзянін, ён амаль напэўна з былой шляхты, якая не зацвердзіла дваранства; бывае і фармулёўка «дваранін, не зацверджаны Герольдыяй»25.
- Жыхарства ў ваколіцы або засценку, двайное прозвішча з прыдомкам - таксама прыкметы шляхецкага роду; па метрыках добра відаць «гнёзды» родаў26.
- Дзе шукаць: метрыкі, рэвізскія казкі шляхты 1795, 1811, 1816 гг., пасямейныя спісы, справы дваранскіх сходаў - НГАБ ф. 319 (Мінскі), ф. 2512 (Віцебскі, 1 097 спраў), ф. 2066 (Магілёўскі), ЛДГА ф. 391 (Віленскі, 19 731 адзінка)27.
- Адно прозвішча мелі розныя роды - і шляхецкія, і не. Пацвярджае паходжанне толькі дакумент на вашага продка.
Крыніцы і заўвагі
- Трояновский К. В. Вопрос о сословном статусе мелкой шляхты западных губерний в правительственной политике России в первой половине XIX века // Научно-технические ведомости СПбГПУ. Гуманитарные и общественные науки. 2016. № 4 (255). С. 53 (па E. Rostworowski: 8-10 %); Markiewicz M. Historia Polski 1492-1795. Kraków, 2007. S. 138 (каля 6 %).
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. 2012. С. 113, 313 (каля 10 і да 12 %); Арлоў У. Як жыла беларуская шляхта, 24.02.2020 («амаль 15 %», без года і спасылкі).
- Туміловіч Г. Расійскі царызм і шляхта Беларусі (1795-1863) // Беларускі гістарычны агляд. 2010. Т. 17, сш. 1-2 (68 775 мужчын, з татарамі каля 71 тыс.).
- Malewski C. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 18.
- Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. VIII, ч. 1: Витебская губерния. СПб., 1852. С. 147.
- Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. IX, ч. 4: Минская губерния. СПб., 1848. С. 34; Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. IX, ч. 3: Гродненская губерния. СПб., 1849. С. 64-65.
- Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. VIII, ч. 1: Витебская губерния. СПб., 1852. С. 154-155; Акуневич В. В. Эволюция правового положения панцирных бояр в Великом княжестве Литовском и Российской империи // Universum: общественные науки. 2020. № 12 (70).
- Malewski C. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiat święciański i trocki. Warszawa, 2022. S. 25-26 (па спісе С. Дзядулевіча).
- Stekert A. Przydomki polskie, litewskie i rusińskie. Kraków, 1897; Вяроўкін-Шэлюта У. Прыдомак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999. С. 582.
- Анищенко Е. К. Шляхта Оршанского повета. Список XVIII ст. 2015. Введение, с. 4-6; Herbarz szlachty prowincyi Witebskiej. Kraków, 1899. S. 3-7.
- Жалованная грамота дворянству 1785 г. // Полное собрание законов Российской империи. Собрание 1-е. Т. 22. № 16187; Malewski C. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 23-24.
- Дамарад А. А. Асаблівасці інтэграцыі нетытулаванай шляхты беларускіх зямель у склад дваранства Расійскай імперыі (канец XVIII - першая палова XIX ст.) (артыкул; назва зборніка і год на копіі не пазначаны). С. 125-126.
- Туміловіч Г. Расійскі царызм і шляхта Беларусі (1795-1863) // Беларускі гістарычны агляд. 2010. Т. 17, сш. 1-2 (па: Sikorska-Kulesza J. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX wieku. Warszawa, 1995. S. 17); Трояновский К. В. Вопрос о сословном статусе мелкой шляхты западных губерний в правительственной политике России в первой половине XIX века // Научно-технические ведомости СПбГПУ. Гуманитарные и общественные науки. 2016. № 4 (255). С. 55.
- Трояновский К. В. Вопрос о сословном статусе мелкой шляхты западных губерний в правительственной политике России в первой половине XIX века // Научно-технические ведомости СПбГПУ. Гуманитарные и общественные науки. 2016. № 4 (255). С. 57.
- Дамарад А. А. Асаблівасці інтэграцыі нетытулаванай шляхты беларускіх зямель у склад дваранства Расійскай імперыі (канец XVIII - першая палова XIX ст.) (артыкул; назва зборніка і год на копіі не пазначаны). С. 127.
- Акуневич В. В. Эволюция правового положения панцирных бояр в Великом княжестве Литовском и Российской империи // Universum: общественные науки. 2020. № 12 (70).
- Трояновский К. В. Павловский Сенат и вопрос о податном статусе мелкой шляхты… // Самарский научный вестник. 2016. № 3 (16); Туміловіч Г. Расійскі царызм і шляхта Беларусі (1795-1863) // Беларускі гістарычны агляд. 2010. Т. 17, сш. 1-2 (па фондзе РДГА, ф. 1341, воп. 1, спр. 346а); Трояновский К. В. Вопрос о сословном статусе мелкой шляхты западных губерний в правительственной политике России в первой половине XIX века // Научно-технические ведомости СПбГПУ. Гуманитарные и общественные науки. 2016. № 4 (255). С. 55.
- Полное собрание законов Российской империи. Собрание 2-е. Т. 6, отд. 2. № 4869 (19.10.1831). С. 134-138; Трояновский К. В. Вопрос о сословном статусе мелкой шляхты западных губерний в правительственной политике России в первой половине XIX века // Научно-технические ведомости СПбГПУ. Гуманитарные и общественные науки. 2016. № 4 (255). С. 56-57.
- Карпович О. В. Участие дворянства Беларуси в восстании 1830-1831 гг. // Вестник Брестского государственного технического университета. Гуманитарные науки. 2010. № 6. С. 12.
- Житко А. П. Дискриминационная экономическая политика российского правительства в отношении дворян-католиков Беларуси (вторая половина XIX - начало XX в.) // Вестник Волгоградского государственного университета. Серия 4: История. Регионоведение. Международные отношения. 2021. Т. 26, № 4. С. 91.
- Вяроўкін-Шэлюта У. Разбор шляхты // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, кн. 1. Мн., 2001. С. 83-85.
- Зайцев В. М. Социально-сословный состав участников восстания 1863 г. М.: Институт славяноведения и балканистики АН СССР, 1973. С. 150.
- Житко А. П. Дискриминационная экономическая политика российского правительства в отношении дворян-католиков Беларуси (вторая половина XIX - начало XX в.) // Вестник Волгоградского государственного университета. Серия 4: История. Регионоведение. Международные отношения. 2021. Т. 26, № 4. С. 93.
- Полное собрание законов Российской империи. Собрание 2-е. Т. 40, отд. 2. № 42759 (10.12.1865). С. 326-327; Абрамова Н. В. Правовое регулирование статуса недвижимости лиц польской национальности в девяти западных губерниях России в XIX в. // Вестник Московского университета. Серия 11. Право. 2022. № 4. С. 97-112.
- Карпович О. В. Репрессии в отношении участников восстания 1863-1864 гг.: правда и вымыслы // Вестник Брестского государственного технического университета. Гуманитарные науки. 2011. № 6. С. 33.
- Malewski C. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 19-20; Анищенко Е. К. Шляхта Пинского повета. Список XVIII ст. 2016. Введение, с. 4.
- Залівака А. Шляхта Віцебскай губерні. Радаводы. Кн. 1. 2017. С. 3-4; Залівака А. Шляхта Магілёўскай губерні. Радаводы. 2017. С. 3; Malewski C. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 24.
- Акуневич В. В. Эволюция правового положения панцирных бояр в Великом княжестве Литовском и Российской империи // Universum: общественные науки. 2020. № 12 (70). С. 7-10. С. 8-9 (там жа - указы 21.01.1788 і 2.04.1805 па ПСЗ-1, т. 22 і 28).
- Трояновский К. В. Вопрос о сословном статусе мелкой шляхты западных губерний в правительственной политике России в первой половине XIX века // Научно-технические ведомости СПбГПУ. Гуманитарные и общественные науки. 2016. № 4 (255). С. 53-55.
- Дзядзенка З. Аршанская шляхта. Менск, 1996. С. 3 і артыкулы-роды.
- Malewski C. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa: Instytut Historii PAN, 2016. S. 19-20, tab. 1 (па LVIA, f. 388, ap. 1, b. 137).
- Анищенко Е. К. Шляхта Пинского повета: Список XVIII ст. Минск: Изд. В. Хурсик, 2016. С. 3-5 (па: Horoszkiewicz R. Szlachta zaściankowa na ziemiach wschodnich. Warszawa; Pińsk, 1936).
- Herbarz szlachty prowincyi Witebskiej // Studya, rozprawy i materyały z dziedziny historyi polskiej i prawa polskiego / wyd. F. Piekosiński. T. 6, z. 1. Kraków, 1899. S. 165-175.
- Пазднякоў В. С. Клецкая шляхта XVI-XVII ст. (спісы) // зборнік публікацый дакументаў БелНДІДАС (выпуск на копіі не пазначаны). С. 275-287.
- Вяроўкін-Шэлюта У. Зямяне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн., 1996. С. 461.
- Грицкевич А. П. Материалы из истории слуцких выбранцев как источник по крестьянской генеалогии // Советское славяноведение. 1973. № 5. С. 60-65.
- Веремейчик А. Изменение правового статуса населения в Несвижской ординации Радзивиллов в конце XVIII - начале XX вв. // Беларусь у эпоху геапалітычных і сацыяльных зрухаў Новага і Навейшага часу: матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. Мінск: БДУ, 2019. С. 94-98.
- Трояновский К. В. Павловский Сенат и вопрос о податном статусе мелкой шляхты… // Самарский научный вестник. 2016. № 3 (16).
- Kryczyński S. Tatarzy litewscy. Próba monografii historyczno-etnograficznej // Rocznik Tatarski. T. 3. Warszawa, 1938. S. 43-48.
- Полное собрание законов Российской империи. Собрание 2-е. Т. 32, отд. 1. № 32000 (указ 1.08.1857); Трояновский К. В. Политика Российской империи в отношении беспоместной шляхты западных губерний. 1795-1870 гг.: дис. … канд. ист. наук. СПб.: СПбГУ, 2018. С. 187-188.
- Полное собрание законов Российской империи. Собрание 2-е. № 41299 (23.09.1864), № 42858 (31.12.1865); Трояновский К. В. Политика Российской империи в отношении беспоместной шляхты западных губерний. 1795-1870 гг.: дис. … канд. ист. наук. СПб.: СПбГУ, 2018. С. 193-206.
- Полное собрание законов Российской империи. Собрание 2-е. Т. 43, отд. 1. № 45505 (19.02.1868). С. 138-140; Трояновский К. В. Политика Российской империи в отношении беспоместной шляхты западных губерний. 1795-1870 гг.: дис. … канд. ист. наук. СПб.: СПбГУ, 2018. С. 215.